Размова з бессмяротнасцю
Запыталася гордая бессмяротнасць:
— Хто ты такі? Адкуль? Ды з якога роду?
— Я з тых, што вякамі жылося гаротна,
Сын занядбанага адвечна народа.
Сын спапялёных гарадоў і вёсак,
Лясоў і поля, акропленых густа крывёю,
Дзе сіняе неба злілося ў гул і пошчак,
Дзе сонца пакрылася свінцовай імглою.
Не верыш?! Дык скажу табе толькі:
У нас на кожным кроку крыніца гаючая,
Глянь, як, абмыўшы раны і болькі,
Ідзе Беларусь бессмяротная, неўміручая.
I не затопча ніякая нелюдзь
Празрыстых вытокаў гаючай крыніцы
I поля, дзе рунню густой зелянеюць
Бязмежныя гоні жытоў і пшаніцы.
I не раскрышыць ніякая зграя
Горад, дзе трубы пасталі, як клічнікі…
Бачыш, Радзіма ідзе дарагая
Дарогай Вялікага Кастрычніка!
Зноў запытанні ляцяць неадвязна:
— Хто ты такі? Адкуль? Ды з якога роду?
На ўвесь голас кажу, вымаўляю выразна:
— Сын неўміручага беларускага народа!..
1957
Автор Станислав Петрович Шушкевич (6 февраля1908 года — 1 февраля 1991 года), Заслуженный работник культуры Белорусской ССР (1983), отец Станислава Станиславовича Шушкевича – председателя Верховного Совета Беларуси в 1991-1994 годах.